Мова сайта

Інтэрв’ю Генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынгу «Белфармпрам» Сяргея Казакевіча карэспандэнту БелТА

Фармгаліна ва ўмовах COVID-19: безумоўны прыярытэт – унутраны рынак

У Беларусі дастаткова лякарстваў, якія могуць прымяняцца для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19. Гэтыя патрэбы ў многім забяспечвае айчынная фармацэўтычная прамысловасць. Прадпрыемствам галіны сёння нялёгка: ва ўмовах, калі многія краіны забаранілі экспарт лекавай прадукцыі і сродкаў аховы, важна забяспечыць бесперабойныя пастаўкі прэпаратаў у бальніцы і аптэкі. Як удаецца спраўляцца з гэтай задачай, у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Кіруючая кампанія холдынга “Белфармпрам” Сяргей Казакевіч.

  

– Сяргей Анатольевіч, ці ўдалося закрыць узросшую патрэбнасць унутранага рынку ў супрацьвірусных, а таксама іншых прэпаратах, неабходных пры COVID-19? Якія аказаліся найбольш запатрабаванымі?

  

– Міністэрства аховы здароўя своечасова сфарміравала пералік лекавых сродкаў, якія найбольш запатрабаваны пры лячэнні пацыентаў у гэты эпідэмічны перыяд. Размова ідзе аб прэпаратах, што прымяняюцца ў стацыянарах, у тым ліку ў інтэнсіўнай тэрапіі. У пераліку 162 пазіцыі, якія вырабляюць беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы. У асноўным гэта антыбіётыкі, прэпараты для лячэння захворванняў органаў дыхання, сардэчна-сасудзістых хвароб, прымяняльныя ў барацьбе з COVID-19, пнеўманіямі і інш. Сёння нашы асноўныя намаганні накіраваны на тое, каб забяспечыць патрэбнасць аховы здароўя менавіта ў гэтых лекавых сродках.

  

Вядома, аб’ёмы вытворчасці і паставак такіх прэпаратаў істотна ўзраслі. Мы штодзень адсочваем адгрузкі гэтай прадукцыі. З удзелам Міністэрства аховы здароўя і прадпрыемстваў сістэмы “Фармацыя” сфарміраваны графікі, і мы іх прытрымліваемся.

  

Прывяду пару прыкладаў. Па 76 назвах з пачатку года мы паставілі ахове здароўя лекавых сродкаў у аб’ёме, які перавышае паўгадавую патрэбнасць, па 20 – у аб’ёме большым за гадавую патрэбнасць. Гатовы прадаўжаць напрацоўваць лекавую прадукцыю і пастаўляць яе да таго часу, пакуль у гэтым будзе патрэбнасць.

  

– У пераліку найбольш запатрабаваных прэпаратаў, як я разумею, у асноўным джэнерыкі?

  

– Так, але для эфектыўнага лячэбнага працэсу не мае прынцыповага значэння, арыгінальны гэта прэпарат або джэнерык. Калі лекавы сродак запатрабаваны на рынку, неабходны ахове здароўя, а яго выпуск эканамічна мэтазгодны, зразумела, мы ім займаемся. У гэтым пытанні мы максімальна прагматычныя: сродкі накіроўваем туды, дзе добра ведаем, што будзе вынік.

  

– Бачачы ажыятажны, часта неапраўданы попыт насельніцтва на некаторыя лякарствы, што назіраўся яшчэ пару тыдняў таму, можна было б павялічыць іх кошт і тым самым даходы прадпрыемстваў. Чаму не пайшлі па гэтым шляху?

  

– Наконт таго, каб “зарабіць”, адзначу, што сітуацыя склалася якраз крыху адваротная. Індэкс адпускных цэн айчынных вытворцаў лекавых сродкаў за студзень-сакавік склаў 98,2 працэнта. Гэта значыць да адпаведнага перыяду мінулага года цэны нават крыху знізіліся. Аднак нельга адназначна сказаць, што гэта пазітыўная сітуацыя. З аднаго боку, для спажыўцоў гэта выгадна. Разам з тым трэба разумець: каб забяспечыць вытворчасць прадукту, прадпрыемства павінна атрымаць абаротныя сродкі, якія даюць магчымасць пакрыць рост затрат.

  

Для вытворчасці нашых лекавых сродкаў мы выкарыстоўваем у асноўным імпартныя субстанцыі. Ужо ў мінулым годзе ва ўсім свеце назіраўся актыўны рост цэн на субстанцыі, якія вырабляюцца ў Кітаі, Індыі. Па некаторых пазіцыях цэны выраслі нават у тры разы. У бягучым годзе з улікам эпідэмічнай сітуацыі рост прадоўжыўся. У Кітаі, які з’яўляецца асноўным вытворцам фармацэўтычных субстанцый, некаторы час не працавалі прадпрыемствы, і сёння яны прапануюць сваю прадукцыю ўжо па іншых, больш высокіх цэнах.

  

У сувязі з гэтым мы не выключаем невялікі рост адпускных цэн, каб кампенсаваць рост затрат. У любым выпадку гэта не моцна паўплывае на спажыўцоў: у партфелі лекавых сродкаў, якія мы вырабляем, прыкладна 40 працэнтаў – коштам меншым за $1 за ўпакоўку. Пры гэтым, паводле даных маркетынгавых даследаванняў, у сярэднім па рынку беларускія лякарствы таннейшыя за аналагічныя імпартныя ў сярэднім у 3 разы ў розніцы і ў 12 разоў у шпітальным сектары.

  

Фармпрамысловасць сёння працуе ў вельмі напружаным рэжыме. Мы павінны напрацаваць вельмі вялікія аб’ёмы. Пры гэтым важны і сацыяльная функцыя (даступнасць лекавых сродкаў), і эканамічная эфектыўнасць работы прадпрыемстваў. Увогуле задача не з лёгкіх.

  

– Ці ўзнікалі праблемы з пастаўкай сыравіны і гатовай прадукцыі ў сувязі з закрыццём граніц многімі краінамі?

  

– Складанасці з пастаўкай фармсубстанцый, вядома, ёсць, але сітуацыя кантралюемая, мы яе адсочваем па кожным найменні. Ёсць пэўныя затрымкі, але ў цэлым нам удаецца забяспечваць дастаўку неабходнай сыравіны.

  

Закрыццё граніц паўплывала таксама на пастаўку беларускіх лекавых сродкаў за мяжу. Аб’ёмы экспарту крыху ўпалі, таму што ў некаторых краінах-партнёрах, дзе закрыты граніцы і ўведзены каранцін, пакупнікі былі не гатовы прымаць прадукцыю. Але, тым не менш, за студзень-сакавік мы рэалізавалі на экспарт лекавых сродкаў больш як на $35 млн. У той жа час з улікам узросшай патрэбнасці ўнутры краіны шэраг прэпаратаў, якія раней вырабілі на экспарт, пераарыентавалі на ўнутраны рынак і рэалізуем у замежнай упакоўцы. Падкрэслю: у першую чаргу мы павінны максімальна забяспечыць патрэбнасць айчыннай аховы здароўя.

  

Фармпрамысловасць у нас развіваецца не адзін дзясятак гадоў, па многіх пазіцыях мы забяспечваем краіну ў поўным аб’ёме самастойна. За апошняе дзесяцігоддзе ў галіне рэалізавана больш за 30 інвестпраектаў, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай. Апошнія гады дзяржава сапраўды актыўна працавала над развіццём фармгаліны.

  

– Усё часцей для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй у свеце прымяняюць, у прыватнасці, камбінацыю “Хларахіну” з “Азітраміцынам”. Ці ёсць ўласная вытворчасць гэтых прэпаратаў?

  

– “Азітраміцын” выпускаюць і на Барысаўскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў, і на “Белмедпрэпаратах” у Мінску. Вытворчасць гэтага прэпарата ў капсулах і таблетках існуе ў краіне ўжо не адзін год. Больш таго, як толькі пачала развівацца сітуацыя з каранавірусам, “Белмедпрэпараты” хутка сарыентаваліся, і сёння на завяршальнай стадыі знаходзіцца рэгістрацыя “Азітраміцыну” ў форме парашку для падрыхтоўкі інфузійнага раствору, які прымяняецца ў бальніцах у інтэнсіўнай тэрапіі.

  

– А што датычыцца “Хларахіну”, яго завозяць з-за мяжы? Ці не плануеце яго асваенне?

  

– Такіх планаў пакуль няма, тлумачэнне таго вельмі простае. Раней прэпарат прымяняўся даволі вузка. Перад асваеннем новага прадукту мы праводзім маркетынгавыя даследаванні. Аб’ём патрэбнасці мінулага года ў гэтым прэпараце склаў каля $16 тыс. Зразумела, што затраты на яго асваенне, нават калі размова ідзе аб прадукцыі in bulk (у гэтым выпадку прадпрыемства займаецца фасоўкай, канчатковай упакоўкай і маркіроўкай. – Заўвага БЕЛТА), будуць значна вышэйшыя. Гэта значыць цяпер закупляць выгадней, чым арганізоўваць вытворчасць.

  

Калі мы ўбачым, што прэпарат будзе запатрабаваны ў вялікіх аб’ёмах на перспектыву, ахова здароўя будзе мець патрэбу ў ім, мы будзем старацца асвоіць і яго.

  

– У розных кропках зямнога шара час ад часу заяўляюць аб паспяховых выпрабаваннях лякарстваў ад каранавіруса. Ці адсочваеце вы такую інфармацыю? Калі, на ваш погляд, можа з’явіцца эфектыўнае спецыфічнае лякарства супраць COVID-19?

  

– Мы адсочваем такую інфармацыю, але трэба разумець, што гэта толькі даследаванні. На самай справе пакуль рана гаварыць, што дасягнуты нейкі гарантаваны поспех. Патрэбны адпаведныя клінічныя даследаванні, а на гэта неабходны час. Таму ў гэтым пытанні мы будзем арыентавацца ў першую чаргу на меркаванне нашага Міністэрства аховы здароўя.

  

На заканчэнне хачу адзначыць, што сёння фармпрамысловасць працуе ў напружаным рэжыме. Мы разумеем усю адказнасць нашай работы, таму прымаем усе магчымыя меры, каб максімальна забяспечваць патрэбы аховы здароўя.

  

https://blr.belta.by/interview/view/farmgalina-va-umovah-covid-19-bezumouny-pryjarytet-unutrany-rynak-3025/

Форма обращения
  • Физическое лицо
  • Юридическое лицо
Поля, помеченные * – обязательные для заполнения
Нажимая кнопку «Отправить», я даю свое согласие на обработку моих персональных данных для подготовки ответа на обращение и получения статистических данных (в соответствии с Законом Республики Беларусь от 10 ноября 2008 г. № 455-З «Об информации, информатизации и защите информации»).
Дзякуй за ваш зварот.
Поля, помеченные * – обязательные для заполнения
Нажимая кнопку «Отправить», я даю свое согласие на обработку моих персональных данных для подготовки ответа на обращение и получения статистических данных (в соответствии с Законом Республики Беларусь от 10 ноября 2008 г. № 455-З «Об информации, информатизации и защите информации»).
Дзякуй за ваш зварот.